Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка і падтрыманне інтэлектуальнага патэнцыялу нацыі
Автор: Л. И. Новиков
Источник: Веснiк адукацыi. — 2006. — № 1. — С. 7-10.
У сучасных умовах інфармацыя дапамагае чалавецтву кіраваць светам. Вялікая роля ў жыццядзейнасці грамадства належыцъ бібліятэкам. Па ступені ix развіцця можна меркаваць не толькі аб эканамічным патэнцыяле краіны, але i ўзроўні культуры. Калекцыі кніг, перыядычныя выданні, розныя віды дакументаў, што складаюць бібліятэчныя фонды, з’яўляюцца як інфармацыйнымі крыніцамі, так i часткай культурнага здабытку нацыі. Народ, які сур’ёзна думае аб захаванні мовы, навукі, адукацыі, лічыць абавязковым i неабходным удасканаленне бібліятэчнай справы. Не выпадкова дзяржавы, найбольш зацікаўленыя ў стварэнні свайго нацыянальнага іміджу, ва ўмацаванні прэстыжу ўласнай культуры (ЗША, Японія, Вялікабрытанія, Францыя, Германія, краіны Паўночнай Еўропы), вырашалі гэтыя пытанні не ў апошнюю чаргу праз стварэнне магутнай сістэмы бібліятэк. Так, з мэтай фарміравання самасвядомасці грамадзян у ЗША пачала функцыяніраваць сетка муніцыпальных бібліятэк. Адкрыццё новай Нацыянальнай бібліятэкі Францыі стала галоўнай культурнай i сацыяльнай праграмай Прэзідэнта гэтай краіны. Не застаецца ў баку ад сусветных тэндэнцый i Беларусь, дзе высокімі тэмпамі развіваецца 6ібліятэчная сістэма, узведзены будынак Нацыянальнай бібліятэкі, якая стала сімвалам агульнанароднага клопату.
Адметную ролю ў збіранні i захаванні твораў друку і пісьменнасці грамадскага карыстання, ажыццяўленні даведачна-бібліяграфічнай дзейнасці выконваюць спецыялізаваныя бібліятэкі, сярод якіх вылучаецца Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка (PHТБ), створаная ў Беларусі 28 гадоў назад. На той час яе ўнікальныя фонды налічвалі 9,l млн. паасобнікаў. Як падкрэслівае дырэктар ўстановы Р.Сухарукава, «… ня-гледзячы на тое, што ў нашай краіне РНТБ створана пазней, чым у іншых рэспубліках былога Саюза, яна амаль адразу ператварылася ў галоўны інфармацыйны цэнтр Беларусі па навуцы і тэхналогіях». Сёння аб’ём фонду навукова-тэхнічнай бібліятэкі перавышае 32 млн. экземпляраў, а колькасць чытачоў штогод складае каля 170 тысяч.
Значным крокам на шляху пашырэння інфармацыйнага ўплыву паслужыла прынятая ў 1994 годзе пастанова Савета Miністраў рэспублікі аб стварэнні абласных філіялаў РНТБ. Як вынік, сёння яе паслугамі карыстаюцца 2 тысячы прадпрыемстваў i арганізацый больш чым у 100 населеных пунктах краіны.
Значнай складанасцю ў дзейнасці калектыву РНТБ з’яўляецца папаўненне яе фондаў. Калі пры былым цэнтралізаваным камплектаванні пастаўленая задача спрашчалася, то сёння бібліятэкі вымушаны шукаць крыніцы пашырэння аб’ёму інфармацыйных рэсурсаў самастойна. І супрацоўнікі бібліятэкі паспяхова рашаюць гэтую праблему. Да прыкладу, фонд айчыннай навукова-тэхнічнай літаратуры налічвае каля 2 млн. паасобнікаў i ўключае манаграфіі, зборнікі навуковых прац вышэйшых навучальных устаноў i галіновых інстытутаў, матэрыялы канферэнцый, перыядычныя i унікальныя даведачныя выданні, выданні органаў навукова-тэхнічнай інфармацыі, энцыклапедыі, тэрміналагічныя слоўнікі, рэфератыўныя часопісы (у тым ліку элекронныя i на лічбавых носьбітах).
Разам з тым, па словах Р.Сухарукавай, як i іншыя еўрапейскія краіны, Беларусь сутыкаецца з праблемай пэўнай недасведчанасці наведвальнікаў, якая праяўляецца ў няўменні карыстацца рэсурсамі, няведанні спецыфікі розных дакументаў, ад чаго непасрэдным чынам залежаць хуткасць атрымання i паўната інфармацыі. Так, напрыклад, некаторыя чытачы спрабуюць знайсці дакладныя параметры якой-небудзь тэхнічнай прылады ў кнігах або часопісах, у той час як яны могуць знаходзіцца ў прамысловым каталогу або патэнтавых апісаннях вынаходстваў. У выпадку няўдалага пошуку можа скласціся памылковая думка, што ў бібліятэцы такая інфармацыя адсутнічае.
Укараненне новых камп’ютэрных тэхналогій адкрывае перспектывы ператварэння Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі ў сучасны цэнтр, здольны забяспечыць практычна неабмежаваны доступ да сусветных інфармацыйных рэсурсаў любому жыхару Беларусі. Штогод бібліятэка праводзіць больш за 500 розных выстаў, а таксама дэманструе свае інфармацыйныя магчымасці на буйных міжнародных i рэспубліканскіх форумах (канферэнцыях, семінарах і інш). За поспехі ў выставачнай дзейнасці ўстанова неаднаразова ўзнагароджвалася ганаровымі дыпломамі. Так, за стварэнне ўласнай Web-старонкі на выставе «Тибо-2004» яна заняла другое месца ў намінацыі «Электронныя бібліятэкі і каталогі». Сёння аналагічныя старонкі распрацоўваюцца ў кожным філіяле, каб чытачы ў pэгіенах таксама маглі карыстацца назапашанымі інтэлектуальнымі напрацоўкамі ў электронным выглядзе.
Вынікам карпатлівай работы супрацоўнікаў РНТБ стала стварэнне ўнікальнай базы даных «Гісторыя развіцця вынаходніцтва ў Беларусі». Тут змяшчаецца інфармацыя пра 1465 ахоўных дакументаў інтэлектуальнай уласнасці беларусаў за перыяд з 1838 года па 1995 год. Паводле слоў галоўнага бібліятэкара Н. Сафронавай, гісторыя зараджэння i paзвіцця вынаходніцтва ў Беларусі непарыўна звязана з Paсiяй, дзе гэты працэс пачаўся яшчэ ў эпоху Пятра I. Прывілеі (так называліся тады адпаведныя ахоўныя дакументы) ўяўлялі сабой граматы за адданую службу на карысць дзяржавы, а таксама граматы на свабодны гандаль. Першы прывілей, узгаданы ў apxiвax, быў выдадзены ў 1654 годзе полацкім пасадскім людзям на бяспошлінны гандаль, а першым беларускім вынаходнікам, які ў 1830 годзe атрымаў афіцыйны прывілей на дзесяцігадовы тэрмін, стаў пінскі і павятовы прадстаўнік дваранства А.Скірмунт — выпускнік фізіка-матэматычнага факультэта Віленскага універсітэта (такім чынам была адзначана распрацаваная ім прылада для выпарвання цукровых ciропаў). У працэсе работы над складаннем паказальніка выяўлены, напрыклад, факт, які паставіў кропку ў спрэчцы аб тым, каму — расійскаму вучонаму К. Цыялкоўскаму, бельгійскаму інжынеру Р. Бінгу або амерыканцу Р. Годарду — належыць ідэя шматступеньчатай ракеты. Аказалася, што яе канструкцыю aпicaў у сваей кнізе беларускі даследчык К. Сімяновіч яшчэ за 250 гадоў да ix вынаходства. Ён жа ў 1650 годзе надрукаваў сваю кнігу на лацінскай мове «Вялікае мастацтва артылерыі», якая на працягу 150 гадоў заставалася асноўным падручнікам па артылерыі i піратэхніцы, шмат разоў перавыдавалася на французскай, нямецкай i англійскай мовах. Да найбольш цікавых распрацовак гэтага таленавітага вучонага адносіцца таксама стабілізатар тыпу «дэльта». Трэба сказаць, што ў стварэнні ваеннай тэхнікі нашы землякі дасягнулі вялікіх поспехаў. Так, напрыклад, ураджэнцам Віцебскай губерніі К. Шыльдэрам сканструявана першая ў свеце падводная лодка-ракета-носьбіт, якая магла апускацца на глыбіню 12 метраў, мела браніраваны корпус i іншыя выдатныя тэхнічныя паказчыкі. У 40-ыя гады XIX стагоддзя на Аляксандраўскім ліцейным заводзе ў Пецярбургу па чарцяжах вынаходніка былі пабудаваны дзве субмарыны.
Як сцвярджае загадчыца аддзела патэнтавых дакументаў В.Васільчанка, беларуская зямля дала свету шэраг выдатных дзеячаў, вядомых далёка за межамі радзімы. Сярод іх вынаходнік электраграфіі і бесправадной перадачы электрычных сігналаў Я. Наркевіч-Ёдка, даследчык прыродных багаццяў Чылі і заснавальнік універсітэта ў Сант’яга І. Дамейка, нямецкі матэматык і фізік Г. Манкоўскі, заснавальнік эвалюцыйнай палеанталогіі У. Кавалеўскі і яго брат Аляксандр, які даказваў эвалюцыйнае адзінства беспазваночных і пазваночных жывёл, тым самым бліскуча пацвердзіўшы тэорыю Дарвіна. Геолаг Б. Дыбоўскі ўпершыню апісаў жывёльны свет Байкала, Амура і Камчаткі, а яго калега Я. Чэрскі даследаваў Усходнюю Сібір. Беларусы ганарацца імёнамі такіх вядомых навукоўцаў, яу Л. Арцымовіч, які зрабіў адкрыцці ў галіне кіравання тэрмаядзерным сінтэзам, А. Чыжэўскі, заснавальнік геліябіялогіі, А. Маліноўскі, чые працы паслужылі асновай для зараджэння новай навукі — кібернетыкі.
Асаблівае месца ў беларускай гісторыі займае наш слаўны суайчыннік Ф. Скарына, дзякуючы дзейнасці якога нацыянальная культура ўзнеслася да еўрапейскіх вышынь. Першая беларуская друкаваная кніга ўбачыла свет у 1517 годзе. Ф. Скарына на паўстагоддзя апярэдзіў рускага кнігадрукара І. Фёдарава (дарэчы, таксама з беларусаў). Згодна с ацэнкай спецыялістаў, скарынаўскія кнігі — выключныя як па колькасці размешчаных у іх гравюр, так і па бездакорнай тэхніцы выдання.
Найбольшай актыўнасці тэхнічная творчасць у Беларусі дасягнула ў 60-80-ыя гады мінулага стагоддзя. Менавіта ў гэты час беларускія вучоныя зрабілі шэраг адкрыццяў сусветнага значэння ў галіне лазернай, квантавай і ядзернай фізікі, спектраскапіі, металапалімерных сістэм. У постсавецкі перыяд назіраўся некаторы спад вынаходніцтва, як, зрэшты, і ўсёй беларускай навукі і эканомікі. У цяперашні час канстатуецца няўхільнае памнажэнне інтэлектуальнага патэнцыялу нашай дзяржавы. Так, у 2003 годзе ў патэнтавым ведамстве зарэгістраваны ўжо 1030 ахоўных дакументаў, што амаль у 4 разы больш, чым у 1993 годзе. Усяго ж у рэспубліцы за ўвесь час набыцця ёю незалежнасці зарэгістравана больш за 28 тыс. ахоўных аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці. І захоўваецца гэты сапраўдны скарб у Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэцы. Фонд патэнтнай дакументацыі РНТБ — адзіны ў Беларусі цэнтр патэнтавых і патэнтна-прававых дакументаў, якія дапамагаюць спецыялістам вызначыцца ў новых тэндэнцыях той або іншай галіны ведаў і ўключаюць у сябе розныя аб’екты прамысловай уласнасці. Адзін з найбуйнейшых на ўсёй постсавецкай прасторы, ён змяшчае больш за 30 млн. дакументаў. На сённяшні дзень тут сабраны патэнтавыя дакументы 45 краін свету і 4 міжнародных арганізацый. Але асаблівае месца ў фондзе адводзіцца нацыянальным вынаходствам. Як засведчыла В. Васільчанка, для стварэння бібліяграфічнага паказальніка, які аднавіў этапы гістарычнага развіцця вынаходніцтва ў нашай краіне, былі вывучаны больш за 3 тыс. крыніц у нацыянальных і гістарычных архівах Мінска і Гродна, фондах галіновых навукова-тэхнічных і абласных публічных бібліятэк. Звесткі ўзяты таксама са «Свода Привилегиій, выданных въ Россіи».
Краіна, якая высока цэніць інтэлект, веды і абапіраецца на іх у сваім развіцці, абавязана захоўваць і вывучаць гісторыю вынаходніцтва. Кожны даследчык, спецыяліст, чыя дзейнасць звязана з навуковай і тэхнічнай творчасцю, павінны ведаць пра інфармацыйныя багацці, што захоўваюцца ў Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэцы, якую не выпадкова называюць інфармацыйна-інавацыйным канвеерам.