Прачытаў – перадай iншаму
Автор: К. Тарасевiч
Источник: Гродненская правда. – 2012. – 26 мая. – С. 8.
Пад уплывам буккросінгу папулярнасць набыў рух абмену паштоўкамі. Яго ўдзельнікі рэгіструюцца на сайце і атрымоўваюць выпадковы адрас, на які павінны адаслаць паштоўку. Як толькі адрасат адзначыць факт атрымання, дадзеныя чалавека, які адаслаў паштоўку, выпадаюць іншаму. На сайце зарэгістравана больш за 300 тысяч удзельнікаў. Беларусь займае 8-е месца па колькасці адосланых паштовак.
У гродзенцаў ёсць магчымасць далучыцца да буккросінгу. Незвычайная паслуга стала даступна ў абласной навукова-тэхнічнай бібліятэцы.
Буккросінг нішто іншае, як працэс «вызвалення» літаратуры. Людзі проста пакідаюць кнігі ў публічных месцах для таго, каб іншыя маглі знайсці і прачытаць іх. Заснавальнікам буккросінгу лічыцца Рон Хорнбекер. У маі 2001 года ён «забыў» 20 кніг з подпісамі ў холе гасцініцы. Ужо праз паўгода на яго сайце (менавіта з дапамогай Інтэрнэту можна прасачыць за падарожжам кніг) было 300 актыўных карыстальнікаў. Зараз у свеце налічваецца прыкладна мільён аматараў руху. Часцей за ўсё яны пакідаюць любімыя творы на так званых бяспечных полках у бібліятэках, што захоўвае іх ад непагоды.
У Беларусі права першаадкрывальніка буккросінгу належыць Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэцы, што ў Мінску. Да яе далучыўся Брэст, а вось зараз і Гродна. У нашым горадзе кнігі ў вандроўку адправілі бібліятэкары.
«Якая кніга была першай, сказаць складана. У адзін дзень супрацоўнікі прынеслі нешта са сваіх асабістых бібліятэк. Я, напрыклад, даведнік для маладых мам», — адзначае загадчыца сектара інфармацыйнай працы абласной навукова-тэхнічнай бібліятэкі Алеся Варабей.
Прыемна, што з навакольных школ і корпусаў універсітэтаў выкладчыкі прыносяць кнігі. Студэнты, зразумела, далучаюцца да буккросінгу.
Працэс перадачы кнігі даволі просты. Вы пакідаеце твор у бібліятэцы, яго рэгіструюць на сайце Bookcrossing.ru. іншы наведвальнік можа забраць кнігу, але абавязкова прапанаваць узамен сваю. Прасачыць за шляхам кніг можна ў Інтэрнэце. Беларускі сайт распрацоўваецца, таму нашы кнігалюбы пакуль карыстаюцца расійскім і амерыканскім.