Клічуць зялёныя маршруты
Автор: І. Ждановіч
Источник: Голас Радзімы. – 2011. – 29 верасня. – С. 4 (№ 36). – (Праекты).
Шэраг новых выданняў па тэме “Аграэкатурызм Беларусі” прадстаўлены на выставе ў Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэцы. Гэта надзвычай дасведчаныя праваднікі для тых, хто любіць прыроду, актыўны адпачынак і збіраецца зблізку пабачыць беларускую экзотыку.
Чулі пра Зэльвеншчыну? Цікавы куток Гродзенскай вобласці, багаты на ўнікальныя помнікі гісторыі, культуры, з прыгожымі краявідамі і месцамі для адпачынку. Аўтар кнігі “Зялёны маршрут “Зэльвенскі дыяруш” Н.Суслава прапануе павандраваць па Зэльвеншчыне на ровары: спачатку ў бок Ваўкавыска, потым — і да Слоніма. У выданні, якое пабачыла свет пад знакам праекта ЕС / ПРААН “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні”, пададзена інфармацыя пра каардынатараў маршрута, адрасы аграсядзіб, музеяў, баз адпачынку. Добры праваднік не зойме шмат месца ў заплечніках велавандроўнікаў, будзе карысным і для тых, хто падарожнічае па беларускай глыбінцы віртуальна.
На выставе прадстаўлены і іншыя выданні з серыі “Зялёныя маршруты”: “Край жоўтых гарлачыкаў і сівых валуноў” (Лепельшчына), “Радасць ад перамяшчэння” (Белаазёрскі сельсавет Брэстчыны), “Блакiтная стужка Вiлейшчыны”, “Валожынскiя гасцiнцы”, “Даліна цароў” (Рагачоўскі раён), “Блакітныя каралі Расон”, “Янаўскае кальцо” (Іванаўскі раён). Дарэчы, у палескім Іванаўскім раёне, адкуль і знакаміты Напалеон Орда родам, захавалася шмат помнікаў археалогіі, гісторыі, культуры і этнаграфіі. Спрадвеку там сяліліся людзі, яшчэ з часоў неаліта ёсць сляды паселішчаў. Асаблівасць рэгіёна: мала гарадоў і шмат вялікіх вёсак, якія здаўна станавіліся цэнтрамі рамёстваў і гандлю. Найбольш буйныя атрымлівалі статус мястэчак: Іванава, Варацэвічы, Ляскавічы, Моладава, Моталь, Опаль, Тышкавічы… Карацей, раздолле для падарожжаў як пешшу, так і на роварах: аўтары прапануюць стартаваць з шырока вядомага сваім кулінарным фэстам ды цёплымі прыгожымі кажухамі Моталя.
Дарэчы, у Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэцы, дзе праходзіць выстава кніг з серыі “Зялёныя маршруты”, можна атрымаць і больш шырокую і разнастайную інфармацыю пра аграэкатурызм у Беларусі. “Да паслуг чытачоў адкрыты 5 спецыялізаваных чытальных залаў, Інтэрнэт-цэнтр, Інфармацыйны цэнтр, ёсць інфармацыйна-даведачная служба, — гаворыць супрацоўніца бібліятэкі Вольга Лубінская. — У некаторых залах сусветныя інфарэсурсы па тэхніцы, тэхналогіях даступныя праз інтэрнэт, прычым бясплатна. Увогуле ж бібліятэка і створана ў 1977 годзе найперш для таго, каб садзейнічаць развіццю навукова-тэхнічнай сферы Беларусі — праз максімальны доступ чытачоў з усіх рэгіёнаў краіны як да беларускіх, так і да сусветных інфарэсурсаў”.
А ў маі 2004 года, калі праходзіла міжнародная акцыя “Тыдзень устойлівага развіцця ў Беларусі”, на базе Інфацэнтра адкрыта Бібліятэка па ўстойлівым развіцці. Таму там, на праспекце Пераможцаў, 7 (адрас у інтэрнэце: www.rlst.org.by) і канцэнтруюцца розныя рэсурсы, выданні, папулярызуюцца ідэй ўстойлівага развіцця краіны, сабрана звыш 2 тысяч экзэмпляраў айчынных і замежных кніг і перыядычных выданняў. І яны — адкрытыя для шырокага кола чытачоў, заўсёды запатрабаваныя, у тым ліку і ў электронным выглядзе, і ў Мінску, і ва ўсіх філіялах бібліятэкі ў абласных цэнтрах Беларусі.
Днямі ў Бібліятэцы ўстойлівага развіцця прайшла інтэрнэт-канферэнцыя з Дамінікай Зарэмбай, вядучым экспертам па Зялёных маршрутах у Еўропе. Дамініка — падарожніца, публіцыстка, фатограф, аўтар двойчы перавыдадзенай у Польшчы кнігі “Ekoturystyka”. Стварыла ў Польшчы праграму “Зялёныя маршруты — GREENWAYS”. Удзельнічала ў стварэнні гэтай праграмы у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Сама неаднойчы падарожнічала па Беларусі, стаяла ля вытокаў стварэння маршрута “Блакітныя каралі Расон” — па паўночным рэгіёне Віцебшчыны. Яна ўдзельнічала ў разнастайных семінарах, трэнінгах, якія праводзіць грамадская арганізацыя “Адпачынак у вёсцы”. Інтэрнэт-канферэнцыя прысвячалася ролі Зялёных маршрутаў у станаўленні туріміджа Беларусі, адначасова ладзілася і фотавыстава, а таксама прэзентавалася віртуальная фотагалерэя спадарыні Дамінікі Зарэмбы.